МУ́ХА ПАКАЁВАЯ (Musca domestica),
насякомае сям. сапраўдных мух атр. двухкрылых. Пашыраны ўсюды. На Беларусі найб. трапляецца падвід М.п. паўночная (M.d.domestica). Адзін з найб. пастаянных насельнікаў жылых і гасп. памяшканняў Пераносчык узбуджальнікаў кішачных інфекцый, поліяміэліту, яец гельмінтаў і інш.
Даўж. да 9 мм. Цела шэрае, укрыта валаскамі. У самца брушка чорнае з жаўтаватымі плямамі па баках. Лічынкі даўж. да 10 мм, жаўтавата-белыя, усёедныя, развіваюцца ў гнаі, кухонных адкідах і інш. Дарослыя кормяцца разнастайнымі цвёрдымі і вадкімі рэчывамі расл. і жывёльнага паходжання. Адкладвае да 150 яец за 1 раз, дае да 10 пакаленняў за год. Жыццёвы цыкл 10—45 сут.
А.В.Дзерункоў.
т. 11, с. 42
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)